Эканоміка інфармацыйных тэхналёгіяў

Мэта гэтага артыкулу — прааналізаваць фундаментальныя супярэчнасьці матар'яльнай і інфармацыйнай эканомікі, прыватным праяўленьнем якіх зьяўляюцца сёньняшнія супярэчнасьці паміж уласьніцкімі і свабоднымі тэхналёгіямі.

Артыкул не прэтэндуе на ісьціну ў апошняй інстанцыі — гэта прыватны пункт погляду. Ён не прэтэндуе на ўсеахопнасьць — рынкавая і пострынкавая эканамічная сістэма маюць вельмі шмат асьпектаў, якія палягаюць па-за плёскасьцю інфармацыйных тэхналёгіяў.

Але паколькі пераход ад матар'яльных да інфармацыйных тэхналёгіяў зьяўляецца фундаментальнай адзнакай часу — разгляданьне эканамічнай сістэмы ў гэтым кантэксьце падаецца дастаткова абгрунтаваным і мэтазгодным.

Эпоха матар'яльнай эканомікі

У рабаўладальніцкія, феадальныя і індустрыяльныя часы адзіным аб'ектам масавай вытворчасьці і спажываньня быў матар'яльны тавар.

Матар'яльны тавар мае жорсткую прапорцыю між колькасьцю укладзенай у яго працы і магчымасьцямі атрымаць ад яго карысьць. (Адну пару ботаў, створаную адной парай рук, можна апрануць толькі на адну пару ног). З гэтай канцэпцыі паўстаў клясычны таварны рынак.

У клясычных таварна-рынкавых адносінах карыстальнік плаціць грошы за асобнік тавару, пры гэтым ён:

  1. Атрымлівае магчымасьць атрыманьня карысьці ад купленага тавару. Аб'ём карысьці абмяжоўваецца прыродай самога тавару, тэрмінам ягонай эксплюатацыі.1
  2. Пазбаўляецца грошай, перадаючы іх як узнагароду за працу па стварэньні канкрэтнага купленага асобніка тавару.

Кароткі курс гісторыі капіталізму

Простая сьхема "вытворца-пакупнік" пазьней разьвілася ў капіталізм, калі на баку вытворцы адбыўся падзел на "уладальніка сродкаў вытворчасьці" і "наёмнага майстра".

Яшчэ пазьней "уладальнікі" падзяліліся на "уласьнікаў" і "наёмных кіраўнікоў". Мэта кіраўніка — прафэсыйна забяспечыць павышэньне колькасьці чыстага прыбытку, які адыходзіць ўласьніку.

Але ва ўсіх формах капіталізму сэнс дадатковага прыбытку не зьмяняецца — гэта розьніца між тым што плоціць карыстальнік, і сабекоштам укладзенай працы.

Чаму ж карыстальнік плоціць больш, чым укладзена ў тавар? Асноўная прычына гэтага адна. Яе можна ўмоўна назваць "дэфіцыт карыснасьці". Сутнасьць дэфіцыту сфармуляваная ў першым пункце працэсу куплі-продажу (гл. вышэй): аб'ём карысьці ад аднаго тавару абмежаваны. Калі мне трэба атрымаць штосьці большае, я купляю яшчэ адзін асобнік тавару, альбо "адмысловы дадатак" і зноў плачу за яго.

У выніку, калі няма вытворцаў, што прадвалі б тавар за сабекошт, і няма іншых шляхоў, апрэч куплі-продажу, каб павялічыць карыснасьць тавару — пакупнік пагаджаецца плаціць больш. З гэтага існуюць уладальнікі бізнэсу.

Пік сітуацыі мы назіраем зараз — каб падвысіць прыбыткі, адмыслова навучаныя спецы займаюцца фармаваньнем попыту ( у тэрмінах гэтага артыкулу — працуюць на павышэньне дэфіцыту карыснасьці) ў глябальных маштабах. Яны маніпулююць пакупнікамі, каб тыя імкнуліся атрымаць ад тавару яшчэ больш карысьці, нават ад пачатку непатрэбнай (атрымаць навейшыя версіі, брэндавыя аксесуары, папулярныя магчымасьці) — і ў выніку куплялі больш, плацілі даражэй. Гэта не зьмяняе агульнай сістэмы, толькі адлюстроўвае яе сутнасьць больш яскрава .

Інфармацыйная эпоха

Калі капіталізм пабудаваў дастаткова ўстойлівую глябальную інфармацыйную сетку, і забяспечыў адзінства тэхнічных стандартаў (у тым ліку стандартаў аўтаматызаванага захаваньня інфармацыі) — адбылося непазьбежнае. Аднойчы створаную інфармацыю стала мажліва капіяваць. Пры гэтым кошт працы па капіяваньні апынуўся непараўнальна ніжэйшы за кошт працы па стварэньні арыгінала. На рынку зьявіўся новы фэномэн — інфармацыйны прадукт.

Інфармацыйны прадукт ламае галоўную прапорцыю, ўласьцівую матар'яльнаму прадукту — колькасьць карысьці, якую ад яго можна атрымаць, больш не прапарцыянальная колькасьці ўкладзенай працы.

Для інфармацыйнага тавара колькасьць карысьці магічным чынам (а дакладней — шляхам таннага капіяваньня) можа быць павялічаная да любога патрэбнага аб'ёму. Упершыню ў гісторыі дэфіцыт карыснасьці можа быць істотна зьніжаны не за кошт новых аперацый куплі-продажу, а за кошт невычэрпных натуральных уласьцівасьцяў самога тавару.

Фактычна гэта азначае, што мы стаім на парозе фундаментальна новай эканамічнай сістэмы. Новай не толькі ў дачыненьні да капіталізму, але ў дачыненьні да ўсёй эпохі арганізаванай матар'яльнай вытворчасьці (рабаўладальніцтва, феадалізму, капіталізму). Дамінацыя новай сыстэмы вытворчасьці й спажываньня наступіць тады, калі матар'яльная вытворчасьць саступіць інфармацыйнай ключавую ролю ў эканоміцы (як калісьці сельская гаспадарка саступіла ключавую ролю індустрыі ).

Троху футуралёгіі

У гэтай новай эпосе будуць зьнятыя шмат праблемаў капіталізму. Найбольш яскравымі вынікамі зьмяншэньня дэфіцыту карыснасьці зь цягам часу тэарэтычна могуць стаць:

  1. зьнікненьне ці істотнае згортваньне "уладальнікаў бізнэсу" як клясы атрымальнікаў чыстага прыбытку, адваротнае пераўтварэньне іх у арганізатараў вытворчасьці.
  2. зьнікненьне ці істотнае згортваньне прафесій, сутнасьць якіх — у штучным павышэньні прыбытку за кошт распальваньня дэфіцыту карыснасьці.
  3. пераарыентацыя эканомікі на задавальненьне рэальных праблемаў, а не стварэньне штучнага попыту
  4. супрацоўніцтва, а не канкурэнцыя як галоўны матор эканомікі

Як бачым, у ярлыку "лічбавых камуністаў", якім часам узнагароджваюць актывістаў руху за свабодныя праграмы, ёсьць доля праўды. :)2

Але годзе лірыкі, вернемся да рэаліяў.

Сучасны час — пераходны пэрыяд

Сёньняшні пэрыяд — пераходны. Аб татальнай перамозе інфармацыйнай эканомікі казаць яшчэ вельмі-вельмі рана. У сьвеце існуюць краіны з інфармацыйнай, індустрыяльнай, сельскагаспадарчай эканомікай — і глябальны бізнэс, заснаваны на індустрыяльнай тэхналёгіі, пранізвае ўсе тры тыпы краін, складаючы большасьць сусьветнай вытворчасьці.

Але апрэч гэтых аб'ектыўных перашкодаў на шляху да інфармацыйнай эры, існуюць і штучныя.

Карпарацыі, што працуюць з інфармацыйнымі прадуктамі, як любыя рынкавыя карпарацыі, зацікаўленыя найперш у павышэнні прыбытку. А гэта значыць — у захаваньні любым коштам дэфіцыту карыснасьці.

Таму яны імнкуцца ператварыць інфармацыйны прадукт, прадукт заўтрашняга дня, ў тыя ж учорашнія боты, якія можа надзець толькі адзін чалавек. Яны укладаюць жудасныя грошы ў тэхнічную блякіроўку капіяваньня, ў "абарону інтэлектуальнай уласнасьці" юрыдычнымі мэтамі, у прыняцьцё законаў, працу адвакатаў, "барацьбу з пірацтвам", і прапаганду "павагі да капірайту" праз рэкляму. Укладаюць грошы, якія бяруцца з пакупнікоў, пакутуючых ад дэфіцыту карыснасьці, штучна створанага ў галіне, якая выключае такі дэфіцыт.

Яны не разумеюць, што такая бізнэс-мадэль — тупіковая. Што яна супярэчыць самой сутнасьці таго, з чым яны працуюць. Што яна жудасна тармозіць тэхнічны прагрэс. Што сістэма "капірайт-індустрыі" няспынна высмоктвае грашовыя рэсурсы грамадзтва, пускаючы іх на падтрыманьне самой сабе, ў той час як гэтыя рэсурсы маглі б спатрэбіцца для значна больш важных мэтаў.

Ці зьнішчыць грамадзтва такую перашкоду цягам эвалюцыі — пытаньне выключна часу. Забабоны могуць доўга перашкаджаць прагрэсу, але ня могуць замінаць яму вечна. Выбар паміж свабоднымі і закрытымі тэхналёгіямі — першы крок да перамогі грамадзтва ў гэтым пытаньні. І гэты выбар ужо сёньня зьяўляецца рэальнасьцю.

Масавыя матар'яльныя прадукты рынкавай эпохі маглі быць створаныя толькі капіталістычнымі карпарацыямі, арыентаванымі на прыбытак. Прадукт заўтрашняга дня — інфармацыйны прадукт, які будзе стварацца супольнасьцямі, на прынцыпах, абсалютна адрозных ад карпаратыўнага рынкавага прынцыпу "Больш прыбытку любым коштам! Больш продажаў штодня!".

Прыклады такога прадукту ёсьць ужо сёньня. Гэта аперацыйная сістэма Debian, найбуйнейшая анляйнавая энцыкляпэдыя Wikipedia, праграмы праекта GNU, сетка сацыяльнай журналістыкі Indymedia, безьліч мастацкіх твораў па ліцэнзіях Creative Commons…

Гэта першыя парасткі. За імі — будучыня.
Мы не можам уявіць якой дакладна яна будзе.
Мы можам толькі ствараць яе.

(с) 2007 Глеб Рубанаў, g.rubanau[at]gmail[dot]com. Свабодныя распаўсюд, мадыфікацыя, пераклад дазволеныя на ўмовах ліцэнзыяў Creative Commons Attribution Share-Alike (Attribution-requirement: захаваць пазнаку аўтарства і каардынаты) або GNU Free Documentation License

Unless otherwise stated, the content of this page is licensed under Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 License