Што такое свабодныя праграмы?

Тэрміналёгія: свабодныя, адкрытыя і ўласьніцкія праграмы

Свабоднымі праграмамі (free software) называюцца праграмы, умовы распаўсюду якіх не адбіраюць у карыстальніка фундаментальныя свабоды1:

  1. свабода выкарыстоўваць праграму для любой мэты
  2. свабода вывучаць, як праграма працуе і зьмяняць яе для сваіх мэтаў
  3. свабода распаўсюджваць копіі праграмы
  4. свабода ўдасканальваць праграму і публікаваць удасканаленыя версіі на карысьць грамадзтва

"Адкрытыя праграмы" (open source software) — гэта сінонім да выразу "свабодныя праграмы", створаны з палітычных мэтаў тымі, каму не падабаецца філязофскі аспэкт свабодных праграмаў (гл. ніжэй). Выраз "адкрытыя праграмы" часта выкарыстоўваецца замест free software, але датычыцца толькі тэхнічнага і юрыдычнага аспэктаў . Часам гэта прыводзіць да розных супярэчнасьцяў.

Уласьніцкімі або прапрыетарнымі праграмамі (proprietary software) называюцца праграмы, умовы распаўсюду якіх адмаўляюць карыстальніку ў адной ці некалькіх ці ўсіх пералічаных свабодах. Звычайна такое абмежаваньне накладаецца, каб гарантаваць вытворцу праграмы эксклюзіўнае права на прыбытак ад кожнага выкарыстаньня праграмы. На практыцы формы рэалізацыі гэтага эксклюзіўнага права адрозьніваюцца.
Варта мець на ўвазе, што "Права на капіяваньне" (г.зв. капірайт) не зьяўляецца неад'емнай і натуральнай часткай інфармацыйнага прадукту, і ня вынікае зь прыроды інфармацыйных тэхналёгіяў. "Капірайт" — гэта ўсяго толькі юрыдычны інструмэнт, які дазваляе прымусова абмяжоўваць свабоды карыстальнікаў інфармацыйнага прадукту ў інтарэсах вытворцы.2

Юрыдычны, філязофскі і тэхнічны аспэкты свабодных праграмаў

Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, свабоднымі праграмамі зьяўляюцца тыя, ліцэнзіі на распаўсюд якіх непасрэдна гарантуюць карыстальніку пералічаныя чатыры свабоды. Такімі ліцэнзіямі зьяўляюцца GPL, BSD License і некаторыя іншыя. Паводле такіх ліцэнзіяў распаўсюджваюцца апэрацыйная сістэма GNU/Linux, шырока вядомыя праграмы Firefox, OpenOffice і безліч іншых.3

З тэхнічнага пункту погляду, легальны юрыдычны дазвол на мадыфікацыю прадукта і яго паўторны распаўсюд (у тым ліку ў мадыфікаваным выглядзе) дае магчымасьці для шырокай самаарганізацыі супольнасьцяў распрацоўшчыкаў, карыстальнікаў, выпрабавальнікаў. Гэта вядзе да большай ці меншай дэцэнтралізацыі, у выніку чаго прадукт адтрымлівае больш шырокую і якасную тэхнічную падтрымку, пры неабходнасьці яго распрацоўка лёгка падзяляецца на галіны, якія задавальняюць патрэбы розных групаў карыстальнікаў. Таксама канцэпцыя прадукту становіцца больш жыцьцяздольнай — распрацоўка і падтрымка ня могуць быць згорнутыя па рашэньні аднаго ці некалькіх чалавек. Прадукт падтрымліваецца да тых часоў і ў той ступені, як ён патрэбны грамадзтву.

З філязофскага пункту погляду, свабодныя праграмы — гэта ўвасабленьне прынцыпу стварэньня і выкарыстаньня інфармацыйнага прадукту, пры якім стваральнік праграмы не імкнецца да кантролю за карыстальнікамі. Ён прызнае іх права на азначаныя вышэй свабоды, і сьвядома адмаўляецца ад спробаў кантраляваць кожнага, хто атрымлівае ад праграмы карысьць. Гэта не азначае адмовы ад узнагароды за працу ўвогуле, але азначае адмову ад манаполіі на дадатковы прыбытак ад прадукту.

Аб'ём гэтага дадатковага прыбытку практычна не залежыць ад укладзенай у стварэньне прадукта працы, ён прапарцыянальны колькасьці копіяў, якія ў выніку атрымліваюць карыстальнікі.4

Такім чынам, дадатковы прыбытак, які ўзьнікае за кошт "інфармацыйнасьці" тавару (магчымасьці таннага капіяваньня), у выпадку free software належыць карыстальнікам5, а ў выпадку ўласьніцкіх праграмаў — манапалізуецца вытворцам у грашовым выглядзе.

Прававыя нормы, якімі рэгулюецца большасьць абменаў інфармацыйнымі прадуктамі, надаюць вытворцу манапольнае права вырашаць, якім чынам можа распаўсюджвацца ягоны прадукт. Таму ў выпадку распаўсюду прадукту на прынцыпах free software можна казаць аб тым, што вытворца добраахвотна дарыць грамадзтву большую частку дадатковага прыбытку. Гэта пераклікаецца з вядомай сацыяльна-філязофскай канцэпцыяй gift economy.

Unless otherwise stated, the content of this page is licensed under Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 License